2023 г. – 110 гадоў з часу пабудовы Свята-Казанскай царквы ў г. Давыд-Гарадку (Столінскі р-н; 1913), помніка архітэктуры рэтраспектаўна-рускага стылю
У г. Давыд-Гарадку Мазырскага павета Мінскай губерні (цяпер Столінскага раёна Брэсцкай вобласці) на старой базарнай плошчы, на якой ў далёкім мінулым былі праваслаўныя могілкі, у 1906 г. была ўзведзена капліца ў гонар Аляксандра Неўскага. У гэты час у Давыд-Гарадку дзейнічалі Свята-Георгіеўская (1724) і Свята-Васкрасенская (1842) цэрквы. На 1907 г. у горадзе 13 217 жыхароў.
2022 г. – 145 гадоў з часу пабудовы Спаса-Праабражэнскай царквы ў аг. Моталь (Іванаўскі р-н; 1877), помніка архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю
Рэлігійнае жыццёў аг. Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці мае даўнюю гісторыю. Першыя пісьмовыя звесткі аб Мотальскім праваслаўным прыходзе адносяцца да 1561 г. У гэты час тут было чатыры царквы: Спаская, Прачысценская, Пятроўская і Узнясенская. Лёс гэтых храмаў невядомы.
2022 г. — 25 гадоў з часу пабудовы царквы Раства Прасвятой Багародзіцы ў в. Індычы (Камянецкі р-н; 1997)
У ХІХ ст. Індычы — сяло ў Жыцінскай воласці Брэсцкага павета Гродзенскай губерні, адносілася да маёнтка Пелішча, уласнасці Лышчынскіх. У 1800 г. у Індычах мясцовым землеўласнікам Фамой Кашыеўскім была пабудавана невялікая драўляная ўніяцкая царква Пакрова Багародзіцы са званіцай. Пасля скасавання Уніі (1839) храм стаў праваслаўным.
2022 г. — 200 гадоў з часу пабудовы царквы Параскевы Пятніцы ў в. Сычы (Брэсцкі р-н; 1822), помніка архітэктуры з рысамі класіцызму
У в. Сычы Брэсцкага раёна яшчэ ў ХVІ ст. існавала царква Святога Духа, звесткі аб якой знаходзяцца ў «Инвентаре королевских деревень Нехолстов и Сычей, лежащих в Брестском воеводстве» за 1566 г. Па дадзеных Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці царква была пабудавана ў 1526 г. У ХVІІ альбо ў ХVІІІ стст. была пабудавана уніяцкая царква. На яе месцы ў 1822 г. памешчыкам Іосіфам Высоцкім была ўзведзена мураваная царква ў імя святой велікамучаніцы Параскевы Пятніцы.
2022 г. — 295 гадоў з часу першага ўспаміну Свята-Мікалаеўскай царквы ў в. Вялікія Сяхновічы (Жабінкаўскі р-н; 1727), помніка драўлянага дойлідства
Храм свяціцеля Мікалая Цудатворца размешчаны ў цэнтры в. Вялікія Сяхновічы Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Першае дакументальнае пасведчанне аб існаванні Свята-Мікалаеўскай царквы ў сяле Сяхновічы адносіцца да снежня 1727 г., калі згадваецца фундуш (ахвяраванне) для абнаўлення старой царквы ад пісара гарадскога брэсцкага суда Брэсцкага ваяводы Паўла Касцюшкі-Сяхнавіцкага і яго жонкі Цэцыліі. З фундушнага запісу вядома, што першая царква была ўзведзена продкамі Паўла Касцюшкі ў радавым маёнтку Сяхновічы, будавалася як уніяцкая і па каталіцкіх канонах, з часам прыйшла ў поўнае запусценне і пачала разбурацца.
2022 г. — 110 гадоў з часу пабудовы царквы Раства Прасвятой Багародзіцы ў в. Парэчча (Пінскі р-н; 1912), помніка архітэктуры драўлянага дойлідства
Існаванне праваслаўнай царквы ўв. Парэчча вядома з дакументаў 1552 г. У ХVІІІ ст. на сродкі Агінскіх пабудавалі новую царкву. У 1866 г. у в. Парэчча Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер Пінскага раёна Брэсцкай вобласці) была пабудавана за дзяржаўны кошт (8 тыс. руб.) царква Раства Багародзіцы. Драўляны храм з адным купалам, невялікі — плошча 40 кв. сажняў. Каля 1907 г.у выніку пажару храм згарэў.
2022 г. — 145 гадоў з часу пабудовы храма Святога апостала Андрэя Першазваннага ў в. Пашукі (Камянецкі р-н; 1877), помніка архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю
Першую царкву ў вёсцы Пашукі (Камянецкі раён Брэсцкай вобласці) у 1603 г. фундавалі Пацы. Чарговы фундуш на царкву Нараджэння Багародзіцы 20 мая 1630 г. надалі Агаф’я Багданаўна Сапежанка і жонка берасцейскага падкаморыя Паца, што вядома з пацвярджальнага фундушовага запісу ад 26 сакавіка 1764 г, зробленага ўладальнікам Пашукоў Аляксандрам Тышкоўскім. Гэта царква прастаяла 145 гадоў. Затым была пабудавана Свята-Ануфрыеўская царква, год будавання якой невядомы. Наступны царкоўны фундуш Пацы зрабілі ў 1641 г.
2022 г. — 280 гадоў з часу пабудовы Свята-Пакроўскай царквы ў в. Малыя Шчытнікі (Брэсцкі р-н; 1742), помніка архітэктуры з рысамі барока
У вёсцы Малыя Шчытнікі Берасцейскага павета (цяпер Брэсцкага раёна) паводле архіваў у 1602 г. была праваслаўная драўляная царква. У 1742 г. быў пабудаваны касцёл з цэглы. Па гістарычных звестках касцёл пабудаваў князь Міхал Фрэдэрык Чартарыйскі (1696–1775), які ў 1738 г. набыў маёнтак Воўчын (цяпер у Камянецкім раёне) разам з фальваркам Шчытнікі.
2022 г. — 235 гадоў з часу пабудовы царквы Раства Багародзіцы ў в. Вылазы (Пінскі р-н; 1787), помніка народнага драўлянага дойлідства
Вёска Вылазы Парахонскага сельсавета Пінскага раёна Брэсцкай вобласці вядома з 1554 г. як сяло Вылаз (Улаз) у Пінскім княстве. З ХVІІ ст. вядома праваслаўная царква. У сярэдзіне ХVІІІ ст. — сяло ў Купяціцкай воласці Пінскага павета Берасцейскага ваяводства.
2022 г. — 525 гадоў з часу першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах в. Варацэвічы (Іванаўскі р-н; 1497)
Вёска Варацэвічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў пісьмовых крыніцах упершыню ўзгадваецца ў 1497 г. у дараванай грамаце княгіні Мар’і Сямёнаўны і яе дачкі Аляксандры, выдадзенай слузе Васілю Аляхновічу на маёнтак Варацэвічы (Варачэвічы). Тады паселішча было ў Пінскім павеце Берасцейскага ваяводства ВКЛ.